ВІ́ЛЕНСКІЯ ПАКУ́ТНІКІ,

бел. святыя Іаан, Антоній і Яўстафій (да хрышчэння Кумец, Няжыла, Круглец), якія загінулі ў 1347 пакутніцкай смерцю за пераход з язычніцтва ў хрысціянства. На месцы пакарання віленскіх пакутнікаў, якія былі прыдворнымі вял. князя Альгерда, па жаданні яго жонкі пабудавана капліца, пазней — Свята-Троіцкая царква. У 1374 віленскія пакутнікі кананізаваны. З 16 ст. іх мошчы знаходзіліся ў Віленскім Святадухаўскім манастыры. У ліп. 1993 часткі мошчаў віленскіх пакутнікаў закладзены ў абраз трох віленскіх пакутнікаў і перанесены ў Мінскі Свята-Петрапаўлаўскі сабор. Гісторыя віленскіх пакутнікаў коратка выкладзена ў «Сказанні пра віленскіх пакутнікаў Іаана, Антонія, Яўстафія».

т. 4, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)